Пацярпелых у тэракце беларусаў не будуць перавозіць у Расію

Беларускія і расійскія лекары вырашылі не перавозіць беларусаў, якія атрымалі раненні і траўмы ў выніку тэракту ў мінскім метрапалітэне, на лячэнне ў Расію. Пра гэта паведаміў РИА Новости галоўны лекар палявога шпіталя Цэнтра медыцыны катастроф "Абарона" Мінздароўя Расіі Валерый Шабаноў.

Раней паведамлялася пра тое, што беларускія і расійскія лекары абмяркоўваюць магчымасць дастаўкі ў Расію некалькіх пацярпелых, якія знаходзяцца ў асабліва цяжкім стане.

"Нікога перавозіць мы не будзем", - сказаў Шабаноў.

Ён выказаў упэўненасць, што ўсім пацярпелым на месцы будзе аказана кваліфікаваная медыцынская дапамога. "У Беларусі добра лечаць", - сказаў суразмоўца агенцтва.

Ён таксама распавёў, што беларускія медыкі цалкам забяспечаны неабходнымі медыкаментамі, абсталяваннем, запасам крыві для пералівання.