Перадвыбарнае абяцанне ад прэзідэнта
Еўрарадыё сабрала ўсе выказванні кіраўніка дзяржавы пра тое, што гэтыя выбары будуць самымі сумленнымі.
"Мы тут нічога не хаваем, вы гэта ведаеце. Выбары мы хочам правесці адкрыта, транспарэнтна, годна. А галоўнае, каб выбары былі легітымныя, а гэта залежыць ад таго, наколькі свабодным будзе волевыяўленне", — сказаў прэзідэнт дзесьці за два месяцы да парламенцкіх выбараў. Раней кіраўнік дзяржавы анансаваў выбары прыкладна такімі ж словамі...
"Выбары павінны прайсці ў поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі, адступленняў тут быць не павінна. Гэта значыць — арганізавана, адкрыта, дэмакратычна, з высокай адказнасцю выбарнікаў. І галоўнае — вынікова. Пажадана ўжо ў першым туры выбараў сфармаваць наш парламент. Бо ў адваротным выпадку — гэта дадатковыя грошы, страты ў эканоміцы".
Перад парламенцкімі выбарамі 2004 года.
"Я шчыра скажу — мы зрабілі з выбараў свята. Назавіце хоць адну краіну, якая б так адносілася да свайго народу падчас выбараў. Мы зрабілі ўсё, каб чалавеку было зручна на выбарчым участку, каб ён і музыку слухаў, і каву, гарбату папіў, набыў сабе штосьці і гэтак далей. Мы кожнага чалавека сустракалі. Нават парамі прыходзілі ў вясельныя дні на выбарчыя ўчасткі. Гэта было ўсенароднае свята".
Пасля парламенцкіх выбараў 2004 года (адказваючы на пытанні журналістаў па папярэдніх выніках рэферэндума і выбараў у парламент, 17 кастрычніка 2004 года).
"Няма неабходнасці выкарыстоўваць недэмакратычныя крокі, адміністратыўны рэсурс, бо гэта сабе на шкоду. Сацыялагічныя даследаванні маіх супернікаў пацвярджаюць, што рэйтынг у дзейнага прэзідэнта больш за 60%. А апазіцыі сёння наогул могуць аддаць галасы максімум 5-7%. Скажыце: у такой сітуацыі, навошта Лукашэнку фальсіфікаваць выбары? Хто на маім месцы пойдзе на тое, каб сфальсіфікаваць выбары, каб пасля яго папракалі?"
Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 (падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, 10 лютага 2006 года).
"Як у нас ідзе перадвыбарная кампанія? Мы адкрылі краіну для ўсіх. Вось вы хочаце пракантраляваць выбары — калі ласка, купляйце квіток у Франкфурце або ў Лондане, тут жа атрымлівайце візу (не па той цане, як вы нам прадаеце), а калі вы такі бедны — мы вам проста бясплатна дадзім візу. Галоўная мая задача на гэтых парламенцкіх выбарах — не ўзначаліць нейкую партыю, а зрабіць так, каб менавіта народ вызначыў аблічча гэтага парламента. Няхай, на жаль, ён не будзе падабацца Еўропе, аднак гэта будзе народны парламент, абраны нашым беларускім народам".
Перад парламенцкімі выбарамі 2008 года ў інтэрв'ю заходнееўрапейскім СМІ.
"Выбары мы будзем праводзіць так, як гэта трэба нашаму народу. Нашы выбары заўжды былі больш дэмакратычнымі, чым у іншых дзяржаваў — нашых суседзяў, у тым ліку ў краінах ЕС, і вы ўсё адно выстаўлялі нам прэтэнзіі. Мы іх правядзем не горш, чым у краінах ЕС. Як ацэніце іх вы, гэта залежыць ад вашага сумлення і вашай арыентацыі".
13 траўня 2008 года, у інтэрв'ю агенцтву "Рэйтэр".
"Канстытуцыя — гэта святое, таму будзем праводзіць нашы выбары ў межах нашай Канстытуцыі, у межах тых законаў, якія сёння існуюць. Калі ў межах гэтых законаў можна зрабіць найбольшы ліберальны клімат (а мы маем досвед), мы з вамі павінны гэта зрабіць, каб нас ізноў-такі не папракалі ў тым, што мы ўзурпавалі ўладу, што тут дыктатура, і мы праводзім выбары тут так, як трэба нам. Гэтага быць не павінна. Таму я прыхільнік самых ліберальных выбараў".
Перад выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 2010 года.
"А на пачатку 2011 года прэзідэнцкія выбары. Таму мы сумленна і прыстойна правядзем іх. Як мы іх будзем праводзіць, я ўжо сказаў у свой час, калі праводзілі нарады ў прэзідэнта, у тым ліку па лібералізацыі выбарчага заканадаўства".
"Нам трэба, каб гэтыя выбары прайшлі не горш за мінулыя, хаця не ведаю, якія могуць быць прэтэнзіі да тых выбараў. Мая справа як прэзідэнта, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічаю ў гэтых выбарах, забяспечыць абсалютную празрыстасць і сумленнасць на выбарах".
Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў снежні 2010 года.
Фота: daylife.com