Перцы ў некалькі разоў абагналі па кошце апельсіны
А кураціна цяпер каштуе столькі ж, колькі свініна. Хуткім часам падаражэе гарэлка. Няўжо дагоніць яблыкі?
Еўрарадыё параўнала кошты на прадукты і заўважыла змены ў суадносінах паміж хадавымі таварамі.
У “Цэнтральным” тушкі куранят-бройлераў прадаюць па 13280 рублёў за кілаграм. А свініна першага гатунку каштуе нават менш — 13030 за кілаграм. Звычайна кураціна была танней за свініну.
А вось малочная прадукцыя не падаражэла. Літр малака тлустасці 3,2 працэнта каштуе 1800 рублёў.

Ананасавы сок барысаўскай вытворчасці ў “Цэнтральным” прадаюць па кошце 4690 рублёў за літр. А бутэлька “Жыгулёўскага” піва каштуе 2150 — у два разы танней за сок. А вось імпартны сок саступае імпартнаму піву. Калі пачак апельсінавага “Оскару” каштуе 7900, то бутэлька Gambrinus — 11000 рублёў.
Ананас з Коста-Рыкі ў “Цэнтральным” можна набыць па 23040 рублёў за кіло. Кошт галандскіх перцаў у залежнасці ад гатунку можа быць удвая большы — 27500-44250 рублёў. Але больш за ўсё падаражэлі яблыкі. У “Кароне” кошт за кілаграм даходзіць да 34290 рублёў. Польскія яблыкі на "Камароўцы" каштуюць 8500-14000 рублёў.

За кілаграм егіпецкіх апельсінаў на Камароўскім рынку просяць 8500 рублёў. То бок набываць апельсіны зараз танней, чым яблыкі. Беларускія перцы тут каштуюць 19000 рублёў — больш як у два разы даражэй за апельсіны. Нашы перцы нават абагналі ананасы, якія на рынку каштуюць 17000 рублёў!

Бутэлька “Добрай шклянкі” зараз каштуе 11990 рублёў. Гарэлка падаражэла толькі на 10%, што ў параўнанні з прадуктамі — мала. Яна цяпер каштуе менш за яблыкі! (Колькі каштуюць асноўныя прадукты, калі вымяраць гарэлкай, глядзіце ў табліцы ніжэй).

У канцы траўня назіраўся павышаны попыт на агнявую ваду. Камерцыйны дырэктар завода вінаградных він “Дыяніс” Антон Бладзік кажа, што людзі сапраўды імкнуліся набыць больш алкаголю, але па старых коштах.
“Павысіць кошты можна заўсёды. З іншага боку разумеем, што ёсць розная пакупніцкая здольнасць. Мы не падвышаем кошты, спрабуем знайсці ўнутраныя рэсурсы, каб вытрымаць сітуацыю. Пакупніцкая здольнасць людзей не расце”.
Цяпер рознічныя кошты на частку гарэлкі вызначае Міністэрства эканомікі. Але, як даведалася Еўрарадыё, у хуткім часе чакаецца павышэння акцызу.
“З 15 чэрвеня адмяняецца рэгуляванне фіксаваных коштаў на гарэлку. Зараз яна каштуе 9520 рублёў без кошту бутэлькі, пасля 15 чэрвеня яна будзе каштаваць болей. Мы зараз у чаканні, спрабуем зразумець, куды рухацца далей. Калі кошты “рвануць” уверх, то і мы свае падцягнем”.
Калі некалькі месяцаў назад самая танная гарэлка каштавала 9900 рублёў, па курсе долара 3100 рублёў гэта было прыкладна 3,3 долара. Цяперашні кошт — 11990 рублёў — па новым курсе складае прыкладна 2,4 долара.
|
У рублях |
У бутэльках “Добрай шклянкі” (11990 рублёў) |
|
|
Апельсін |
8500 |
0,7 |
|
Банан |
13000 |
1,1 |
|
Ананас |
17000-23000 |
1,4-1,9 |
|
Перац |
19000-44250 |
1,6-3,7 |
|
Малако |
1800 |
0,15 |
|
Свініна |
13030 |
1,1 |
|
Кураціна |
13280 |
1,2 |
|
Піва “Жыгулёўскае” |
2150 |
0,18 |
|
Яблыкі, Польшча (Камароўка) |
8500-14000 |
0,7-1,2 |
|
Яблыкі, Грэцыя (Карона) |
34290 |
2,9 |
