Пінскі калегіюм не вытрымлівае харэаграфічнай школы
Скляпенні музея трэскаюцца ад тупату.
Музей беларускага Палесся займае другі паверх сярэднявечнага будынка, школа танца — на трэцім. Супрацоўнікі музея паказваюць на трэшчыны ў сценах і кажуць, што з трымценнем чакаюць чарговых заняткаў па харэаграфіі над сабой.
Супрацоўніца: У нас проста падлога трасецца. Тут яны як тупнуць ножкай можа дзвесце чалавек, і ўсё.
Другая супрацоўніца: І шыбы дзынькаюць. Калі мы ўсяляліся, не было ў нас трэшчын ніякіх, а цяпер іх большае і большае.
Супрацоўніца: І нікому нічога не скажаш, — харэаграфія асела.
Растрэскаліся аркі, якія падпіраюць скляпенні. Трэшчыны пранізваюць сумежныя сцены і скляпенні. Парэпаліся нават суцэльныя сцены ў пакоях адміністрацыі.
“Начальства прыходзіць часта, бачыць, дык што тут гаварыць, — кажуць жанчыны. — “Горш з экскурсантамі. Яны ў роспачы, калі тупаюць наверсе харэографы”.



