Польскія СМІ: Сікорскі дае зарабіць Лукашэнку
Такія загалоўкі з’явіліся на шматлікіх польскіх інтэрнэт-старонках.
Звязанае гэта з тым, што бліжэйшыя тры гады амбасада Польшчы ў Мінску будзе працаваць ў будынку беларускага алігарха Анатоля Цярнаўскага, якому забаронены ўезд у Еўрапейскі саюз. Гэта высветліла “Газета праўна”.
Як паведаміў выданню прадстаўнік амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук, рашэнне аб арэндзе гэтага памяшкання было прынята яшчэ да таго як Цярнаўскі з’явіўся ў чорным спісе ЕС. Амбасада пачне працу ў новым будынку з верасня 2012 года.
Анатоль Цярнаўскі з’яўляецца набліжанай асобай да Аляксандра Лукашэнкі. За гэта алігарху забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу. Яго прадпрыемства “Юнівест-М” лічыцца пятым па велічыні платнікам падаткаў у Беларусі.