Прадаваць цукар за мяжу будуць чатыры беларускія прадпрыемствы
Гэта цукровы завод у Жабінцы, а таксама камбінаты ў Гарадзеі, Слуцку і Скідалі.
Адпаведную пастанову № 144 Савет міністраў прыняў 5 сакавіка 2013 года. Як паведамляе прэс-служба ўрада, гэтае рашэнне дзейнічае з 1 сакавіка да 31 жніўня 2013 года. Белы цукар экспартуецца пад кодам адзінай Таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці Мытнага саюза 1701 99 100.
Дакумент прыняты ў адпаведнасці з Пагадненнем аб парадку ўвядзення і прымянення захадаў, якія закранаюць знешні гандаль таварамі, на адзінай мытнай тэрыторыі ў дачыненні да трэціх краін ад 9 чэрвеня 2009 года. У сувязі з гэтым Дзяржаўнаму мытнаму камітэту і Міністэрству ўнутраных спраў даручана прыняць захады для недапушчэння экспарту белага цукру суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, не ўказанымі ў гэтай пастанове.
Паводле інфармацыі прэс-службы, аб прынятай меры будзе праінфармавана Еўразійская эканамічная камісія. На яе разгляд таксама будзе вынесена прапанова аб прымяненні аналагічнай меры і іншымі дзяржавамі — удзельніцамі Мытнага саюза, інфармуе БелаПАН.