Прад'яўленыя новыя абвінавачанні па "справе анархістаў"

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".

Ігара Аліневіча, які быў затрыманы 28 лістапада 2010 года,  першапачаткова абвінавачвалі ў злосным хуліганстве за напад на Расійскую амбасаду і ва ўдзеле ў акцыі каля Генштабу Узброеных сіл Беларусі. Зараз стала вядома, што абвінавачанне пашырылі: яму інкрымінуюць напад на казіно "Шангры Ла" ў Мінску ў 2009 годзе, напад на офіс банка "Масква-Мінск" ў 2010 годзе, напад на расійскую амбасаду і напад на ізалятар на Акрэсціна. Тэрмін следства працягнуты на 9 месяцаў, тэрмін утрымання пад вартай – да красавіка.

Мікалай Дзядок знаходзіцца пад вартай з 3 верасня 2010 года. 1 кастрычніка яму прад’явілі абвінавачанне ў акцыі каля Генштаба 19 верасня 2009 г. 15 лютага яму далучылі абвінавачанне па нападах на казіно "Шангры Ла"  і на будынак Федэрацыі прафсаюзаў. Тэрмін утрымання пад вартай працягнуты да 6 сакавіка, тэрмін следства — да 12 красавіка.

Аляксандр Францкевіч таксама знаходзіцца пад вартай з 3 верасня. 20 верасня яму прад’явілі абвінавачанне ў тым, што здымаў на відэа напад на апорны пункт міліцыі ў Салігорску. 14 лютага яму прад’явілі новае абвінавачанне: яго абвінавачваюць у акцыі пад Генштабам,у салігорскім нападзе і нападзе на прафсаюзы. Зараз ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Тэрмін утрымання пад вартай — да красавіка 2011 г.

Таксама ў СІЗА на Валадацы з 4 лістапада 2010 года знаходзіцца Максім Веткін, які абвінавачваецца ў нападзе на расійскую амбасаду.