Прэзідэнт Балгарыі абяцае рассакрэціць інфарматараў КДБ
Расен Плеўняліеў паабяцаў адкрыць усе дасье спецслужбаў часоў сацыялізму.
Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі ваеннай і грамадзянскай разведкі, перадае Lenta.ru са спасылкай на "Радыё Балгарыя". Па словах Плеўняліева, трэба годна закрыць старонку пра службы таталітарнага рэпрэсіўнага апарату.
Ён дадаў, што дасье трэба архіваваць і забяспечыць усім грамадзянам "права даведацца праўду з першых рук".
Балгарскі камітэт дзяржаўнай бяспекі быў асноўнай спецслужбай Народнай Рэспублікі Балгарыя ў 1945-1990 гадах. Камісія па рассакрэчванні архіваў, якая працавала пасля падзення рэжыму Тодара Жыўкава, паказала, што да 10% чыноўнікаў і прадпрымальнікаў посткамуністычнай Балгарыі ўваходзілі ў лік супрацоўнікаў і інфарматараў спецслужбы.
Фота — Reuters