Прыйшоў ліст ад Аляксандра Крутога
Ліст, напісаны перад Новым годам, атрымаў гамяльчук Канстанцін Жукоўскі, які перапісваецца са зняволеным.
Крутой піша, што яго трымаюць у мінскай турме на вуліцы Валадарскага. Частку яго ліста Жукоўскі зачытаў для Еўрарадыё:
Жукоўскі чытае ліст Крутога: "З 29 лістапада 2011 года я знаходжуся на Валадарцы ў камеры №29 для асобаў, вызваленых з-пад крымінальнай адказнасці. Сам факт існавання такіх камер у беларускіх турмах з'яўляецца прыкладам класічнага аксюмарона і варты ўважлівага вывучэння".
У сваім лісце Крутой піша, што ён чакае этапавання ў Навінкі на прымусовае лекаванне. Аднак дату этапу яму не называюць. Па словах Крутога, у такіх камерах людзі да 1,5 года могуць чакаць этапу ў Гайцюнішкі — лякарню для людзей, якія ўчынілі злачынства, але маюць псіхічныя захворванні.
Нагадаем, што Крутога затрымалі 20 верасня пасля таго, як ён актыўна выступаў на судзе пра тэракт у мінскім метро. На працэсе ён прадстаўляў інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, пацярпелай ад тэракту. Мужчына патрабаваў адкласці працэс да адмены смяротнай кары і выступаў з шэрагам іншых патрабаванняў. Медыкі паставілі Крутому дыягназ "паранаідальная шызафрэнія", аднак дагэтуль яго трымаюць за кратамі.