П'яны мужчына пагражаў узарваць рэйсавы аўтобус "Брэст — Столін"

Як паведамляе сайт tomin.by, у аўтобусе знаходзіліся паўтара дзясятка пасажыраў. Раптам адзін з іх паведаміў, што заклаў бомбу і збіраецца яе ўзарваць. Кіроўца адразу ж патэлефанаваў у міліцыю, якая аператыўна затрымала зламысніка. Ім аказаўся нецвярозы жыхар вёскі Норчыцы Кобрынскага раёна.

Пакуль сапёры шукалі ў аўтобусе выбуховае прыстасаванне, астатніх пасажыраў перасадзілі ў іншы аўтобус, і яны паехалі далей. Ніякай "бомбы" знойдзена не было. 52-гадовы "тэрарыст" змешчаны ў Пінскі ізалятар часовага ўтрымання. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён ехаў да сваякоў у Столінскі раён.