Экс-кіраўніку Нацбанка Пятру Пракаповічу — 70 гадоў
Вядомы будаўнік, колішні галоўны банкір краіны, а цяпер памочнік прэзідэнта святкуе юбілей 3 лістапада.
У гісторыю Беларусі Пётр Пракаповіч, хутчэй за ўсё, увойдзе, як кіраўнік Нацбанку. Ён ачольваў галоўную крэдытна-фінансавую ўстанову краіны з 1998 па 2011 год. У 2006 годзе атрымаў званне Героя Беларусі за значны ўнёсак “у забеспячэнне ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту і павышэння на гэтай аснове ўзроўню жыцця насельніцтва рэспублікі”.
Увесну 2011 года, напярэдадні валютнага крызісу, Пётр Пракаповіч заявіў: “Пакуль я з’яўляюся старшынём праўлення Нацбанку, ніякай разавай аднаімгненнай дэвальвацыі ніколі не будзе”. У красавіку 2011 года Пракаповічу зрабілі складаную аперацыю на сэрцы, а ў траўні адбылася дэвальвацыя беларускага рубля. У чэрвені таго ж году кіраўніка Нацбанка адправілі ў адстаўку па стане здароўя, а ў ліпені Пракаповіч стаў афіцыйным пенсіянерам.
Але доўга сядзець без працы яму не давялося — 17 жніўня 2012 года Пётр Пятровіч быў прызначаны памочнікам прэзідэнта.