Рачкоўскі кіраўніцтву "Дынама": Вас трэба тэрмінова замяніць!
Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта жорстка выказаўся пра сітуацыю ў хакейным клубе "Дынама-Мінск".
Як вядома, каманда не выканала задання на сезон: у плэй-оф КХЛ яна не патрапіла, а пасля не здолела выйграць і "Кубак надзеі". У лютым не вытрымаў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што яму нават сорамна чуць пра гульню мінскага "Дынама".
Паводле слоў Ігара Рачкоўскага, цяперашняе кіраўніцтва "Дынама" гатовае "прызнаць любыя памылкі і мяняцца як заўгодна, абы толькі пакінулі каля кармушкі". "Прабачце, хлопцы, але вы відавочна не тым бізнэсам заняліся. Вас трэба тэрмінова замяніць", — цытуе словы першага віцэ-прэзідэнта НАК "Прессбол".
Ігар Рачкоўскі параіў заўзятарам пацікавіцца заробкамі функцыянераў мінскага "Дынама". Раней выказвалася меркаванне, што афіцыйны заробак без бонусаў і прэміяльных спартовага дырэктара летась склаў каля 200 тысяч долараў.
Пра сітуацыю ў "Дынама" і беларускім хакеі неўзабаве будзе праінфармаваны кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка: Мінскае "Дынама" можа выйсці з КХЛ (відэа)
Фота — hcdinamo.by