Рагачоў цалкам застаўся без вады
Прычынай стала засмечванне каналізацыйнага калектара.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Руслан Габрылёў. Праўда, па яго словах, сітуацыяй цалкам займаюцца камунальнікі, а не выратавальнікі.
Габрылёў: "Пад раніцу адбылося засмечванне калектара. Паколькі сцёкавым водам не было куды падзецца, было прынятае рашэнне тэрмінова яго рамантаваць. Ну, а потым назад уключыць водазабеспячэнне ўсяго Рагачова, за выключэннем хіба што малочнага камбіната. Працы ўжо пачаліся: узрываюць асфальт, раскопваюць калектар".
На думку Габрылёва, з сітуацыяй камунальнікі мусяць справіцца ўжо сёння. Школы, дзіцячыя сады і іншыя сацыяльныя ўстановы атрымалі папярэджанні пра спыненне водазабеспячэння, таму неабходны запас для гатавання ежы ў сталовых ёсць. Самі рагачоўцы закупляюцца бутыляванай вадой, каб не застацца на выходныя без запасаў.