Расійскі дэпутат у ПАСЕ: Беларусь і Расія – раздзелены народ
Калі ўжо нямецкі фашызм не напалохаў беларусаў, то санкцыі дэмакратычных краінаў — тым больш, мяркуе Сяргей Сабко.
На дэбатах па Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, што адбыліся 25 студзеня, узялі слова каля дваццаці парламентарыяў розных краінаў. Большасць з іх падтрымалі жорсткі падыход да афіцыйнага Мінска і выступілі за заклік распаўсюдзіць санкцыі Еўрасаюза на дзяржавы-сябры Савета Еўропы, то бок у тым ліку і на Расію і Украіну.
Толькі чатыры выступоўцы выказаліся рэзка супраць праекту рэзалюцыі і выказаліся за наданне Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ. Паказальна, што ўсе яны — прадстаўнікі Расіі.
Сяргей Сабко: "У свой час калега з Літвы сказаў, што Беларусь паводзіць сябе так, таму што за ёй стаіць Расія. Так, сапраўды, калі б за ёй стаяла Амерыка, то гэтае пытанне наогул не ўзнімалася бы. Мы раздзелены народ... Калі нямецкі фашызм не напалохаў беларусаў, то дэмакратычнымі метадамі пужаць гэты народ абсалютна бесперспектыўна і бескарысна".
"Нямецкі фашызм" у сваім выступе прыгадаў і парламентарый Валерый Фёдараў. Ён жа прапанаваў еўрапейскім дэпутатам узгадаць пра Брэсцкую крэпасць. Фёдараў заўважыў, што прадстаўленая зводка па Беларусі падобная да апісання сітуацыі ў Судане або Лівіі, але ніяк не ў Беларусі.
Валерый Фёдараў: "Першае, што кідаецца ў вочы, калі прыязджаеш у Беларусь, — чысціня і парадак, дагледжанасць гарадоў і вёсак, культурныя і ветлівыя людзі. І вось мы з упартасцю, вартай іншага прымянення, працягваем размаўляць з гэтым народам праз ультыматумы і рэзалюцыі... І вы думаеце, беларусы скажуць: "Вой, акружаюць"? Нічога падобнага!"
Валерый Фёдараў упэўнены, што санкцыі толькі робяць жыццё простых людзей больш складаным, а без дыялогу з афіцыйным Мінскам і запрашэння дэлегацыі парламента ў ПАСЕ вырашыць беларускае пытанне немагчыма.
Нарэшце, з вострай крытыкай на адрас ЗША і "некаторых краінаў Заходняй Еўропы" выступіла Святлана Гарачава.
Святлана Гарачава: "На іх сумленні ў апошні час войны ў Афганістане, Югаславіі, Іраку, Лівіі. Прытым сцэнарый паўсюль аднолькавы: спачатку дыктатарам абвяшчаецца кіраўнік дзяржавы, пасля — калектыўны гвалт у дачыненні да краіны, вайна, кроў і пакуты. Зараз наваліліся на Беларусь. Дык у чым жа яна вінаватая?.."
Паводле словаў Святланы Гарачавай, Беларусь стабільная, "яе эканоміка не прагарэла, людзей пачкамі не выкідаюць з працы, але не падабаецца Захаду Лукашэнка".
Мова ўльтыматумаў вядзе альбо ў тупік, альбо да войнаў і крыві, а змест рэзалюцыі па Беларусі тэндэнцыйны, падсумавала свой выступ Святлана Гарачава.
Нагадаем, жорсткі варыянт рэзалюцыі ПАСЕ па Беларусі падтрымалі 111 дэпутатаў ПАСЕ, супраць прагаласавалі 10 парламентарыяў, 6 устрымаліся. Дакумент заклікае краіны Савета Еўропы далучыцца да санкцыяў ЕС, пакуль улады Беларусі не вызваляць усіх палітычных зняволеных.