Расійскім дыгерам на 5 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь
У Мінску затрымалі групу расійскіх дыгераў. Міліцыянты кажуць, што засцераглі ахоўваныя аб'екты сталіцы ад незаконнага пранікнення.
Па звестках міліцэйскай прэс-службы, расіянаў затрымалі 2 студзеня па заяве дырэктара аўтавакзала "Усходні". Ён звярнуўся з заявай пра тое, што група з 13 чалавек зладзіла дэбош і парушае грамадскі парадак.
Пры затрыманні міліцыянты высветлілі, што ім у рукі трапілі расійскія дыгеры. Яны прыехалі ў Мінск зранку 1 студзеня, збіраліся з'ехаць 3-га і нават мелі зваротныя квіткі. У затрыманых пры сабе быў альпінісцкі рыштунак. Міліцыянты кажуць, што дыгеры спецыяльна прыехалі ў Мінск, каб забрацца на розныя ахоўваныя аб'екты сталіцы і зрабіць іх фотаздымкі. У пераліку іх мэтаў былі і станцыі метрапалітэна.
Затрыманых дыгераў абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на тэрмін ад 2 да 10 сутак. Акрамя таго, іх вырашана дэпартаваць і забараніць на бліжэйшыя 5 гадоў уезд на тэрыторыю Беларусі. Шасцёра дыгераў ужо адбылі адміністрацыйнае пакаранне, яшчэ сем знаходзяцца на Акрэсціна.
Нагадаем, што некалькі месяцаў таму вялікі розгалас набыў візіт у Мінск расійскіх руфераў, якія апублікавалі фотаздымкі з Мінскага метро ды іншых сталічных аб'ектаў.