Расія пагражае Беларусі новай "малочнай вайной"
Расійскія малочнікі незадаволеныя тым, што наша краіна не скараціла пастаўкі сухога малака, як абяцалася.
Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў кіраўнік расійскага Нацыянальнага саюзу вытворцаў малака ("Саюзмалако") Андрэй Даніленка. Нагадаем, што ўдзельнікі Усерасійскай нарады прадстаўнікоў прадпрыемстваў малочнай галіны прапанавалі забараніць увоз беларускай прадукцыі з 4 чэрвеня да 1 снежня.
Даніленка нагадаў, што на пачатку сакавіка Мінсяльгасхарч Беларусі паабяцаў, што краіна звядзе да мінімуму пастаўкі сухога малака ў Расію з другога квартала. Аднак гэтае абяцанне не было выкананае.
Між тым, кажа Даніленка, пастаўкі сухога малака з Беларусі перавышаюць аб'ёмы расійскай вытворчасці. Так, Расія штогод атрымлівае з Беларусі каля 60 тысяч тон сухога малака, а ўсе расійскія кампаніі ў год вырабляюць толькі 45—50 тысяч тон.
У сваю чаргу, дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота назваў прэтэнзіі расійскіх малочнікаў "нармальнай канкурэнцыяй".
Фота — upakovano.ru