Расія забараніла ўвоз гародніны з Еўрасаюза
Гэтаму рашэнню папярэднічаў так званы "агурочны скандал" у Еўропе.
Расія ўвяла часовую забарону на ўвоз у краіну свежай гародніны з усіх краін Еўрасаюза, паведаміў у чацвер РИА Новости кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка.
"Мы ўводзім забарону ў сувязі з тым, што на працягу месяца сітуацыя не ўзята пад кантроль. Не ўсталяваны крыніцы інфекцыі, фактары перадачы", - сказаў ён.
Гэтаму рашэнню папярэднічаў так званы "агурочны скандал" у Еўропе. Небяспечная кішачная інфекцыя, ахвярамі якой ужо сталі 16 чалавек, распаўсюдзілася на поўначы Нямеччыны. Зафіксавана 1,4 тысячы выпадкаў захворвання. Бактэрыі-ўзбуджальнікі інфекцыі, якія выявіліся на агурках не адпавядаюць тыпу бактэрыі ў арганізме захварэлых пацыентаў, а, значыць, крыніца заразы дагэтуль не знойдзена.
Па словах Анішчанкі, забарона будзе дзейнічаць "пакуль не будуць прадстаўлены пераканаўчыя дадзеныя пра тое, што ж адбываецца і пакуль не пачнецца працэс купіравання сітуацыі, яе стабілізацыі".