Расіяне просяць Беларусь абараніць вязняў Гуантанама

Як піша "Ежедневник", расійскія юрысты і праваабаронцы (сярод іх, напрыклад, Андрэй Юраў і Сяргей Галубок) накіравалі ў Следчы камітэт Беларусі заявы. Яны прасілі пачаць крымінальную справу паводле артыкула 128 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва) і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у катаваннях і жорсткім абыходжанні ў турме Гуантанама. Да заявы дадаваўся даклад спецыяльных дакладчыкаў Савета па правах чалавека ААН. У ім даказваюцца факты катаванняў і нялюдскага абыходжання з вязнямі, якіх улады ЗША трымаюць на ваенна-марской базе ў Гуантанама на Кубе.

Эксперты спасылаюцца на тое, што беларускі Крымінальны кодэкс прадугледжвае магчымасць прыцягнуць да адказнасці любую асобу за злачынствы супраць свету і бяспекі чалавецтва. Прычым зрабіць гэта можна незалежна ад таго, дзе і супраць каго гэтыя злачынствы здзяйсняліся.

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка папракаў амерыканцаў турмой у Гуантанама ў інтэрв'ю газеце "Вашынгтон пост" у 2011 годзе. Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў загад пра расфармаванне турмы ў Гуантанама яшчэ ў 2009 годзе, аднак яна працягвае дзейнічаць дагэтуль.

Фота — hiero.ru