Расійскім спецслужбам дазволілі шпіёніць у Skype
Яны змогуць як праслухаць размову, так і прачытаць перапіску.
Пра гэта піша расійская газета "Ведомости" са спасылкай на ўдзельнікаў рынку інфармацыйнай бяспекі.
Пасля таго як Microsoft у траўні 2011 года набыла Skype, яна забяспечыла кліента Skype тэхналогіяй законнага праслухоўвання. Цяпер любога абанента можна пераключыць на адмысловы рэжым, пры якім ключы шыфравання, якія раней генераваліся на тэлефоне ці камп'ютары абанента, будуць генеравацца на серверы.
Атрымаўшы доступ да сервера, можна праслухаць гутарку ці прачытаць перапіску. Microsoft дае магчымасць карыстацца гэтай тэхналогіяй спецслужбам ва ўсім свеце. Афіцыйныя прадстаўнікі МУС Расіі ды ФСБ адмаўляюцца ад каментароў.
На гэтым тыдні стала вядома, што ў кітайскай версіі Skype ёсць спецыяльны механізм, які адсочвае дзеянні абанента. Адмысловая праграма-кейлогер правярае тэксты на наяўнасць у іх непажаданых слоў і перасылае сабраныя логі "куды трэба".
Фота — obozrevatel.com