Рух на дарогах Мінскай вобласці цалкам адноўлены

Паводле звестак ДПА “Белэнерга”, з 6 раніцы 15 сакавіка да 6 вечара 16 сакавіка былі абясточаныя 1 688 населеных пунктаў. Аварыйна-аднаўленчыя працы ўчора ўвечары працягваліся прыкладна ў паўтара дзясятках населеных пунктаў.

Расчыстка гарадоў і вёсак ад снегу вядзецца кругласутачна, паведамілі БелаПАН у “Белаўтадоры”. Для расчысткі дарог і ўборкі снегу задзейнічана каля 4 тысяч адзінак тэхнікі і болей за 20 тысяч чалавек. Да працы далучаюцца спецыялісты і тэхніка ДАІ, Міністэрства абароны і МНС.

Вышыня снегавога покрыва на раніцу 16 сакавіка ў Мінску, паводле звестак Гідраметцэнтру, складала 57 сантыметраў, у Магілёве — 58. У Віцебску вышыня снегавога покрыва дасягнула 41 сантыметра, у Гродне і ў Брэсце — 9, а ў Гомелі — усяго 1 см.

Сур’ёзных ападкаў у бліжэйшыя суткі ў Беларусі не чакаецца.