Салігорац просіць палітычнага прытулку ў Нарвегіі
З такой просьбай звярнуўся прадпрымальнік і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алег Бахта.
Беларусь ён пакінуў яшчэ год таму. Увесь гэты час Бахта знаходзіўся ў камунах для бежанцаў у розных гарадах Нарвегіі, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Паводле інфармацыі салігорскіх праваабаронцаў, Алег Бахта актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці рэгіёна. Падчас прэзідэнцкіх кампаніяў 2006 і 2010 гадоў ён уваходзіў у каманды Аляксандра Мілінкевіча і Яраслава Раманчука. На парламенцкіх выбарах 2008 года быў назіральнікам на ўчастках для галасавання, за што атрымаў папярэджанне ад пракуратуры. Летам 2011 года актывіста затрымалі на цэнтральнай плошчы Салігорску, зняволелі да суда, а потым пакаралі штрафам.
Па словах Бахты, пасля ўдзелу ў арганізацыі Народнага сходу ў Салігорску ды публічным выступе на аналагічным мерапрыемстве ў Мінску на яго пачаўся ціск з боку КДБ і падатковай інспекцыі.
На фота з сацыяльных сетак: Алег Бахта — на пікеце каля салігорскага суда.