Сашу Варламава пакінуць за кратамі да 19 лістапада
Да гэтай даты працягнуты тэрмін папярэдняга расследавання па справе вядомага беларускага дызайнера, заснавальніка міжнароднага фэсту "Млын моды".
Як адзначае БелаПАН, Варламава будуць трымаць за кратамі паўгода. Пад арышт яго ўзялі 20 траўня. Дызайнера вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і крадзяжы праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Па звестках міліцыянтаў, у 2007—2010 гадах Варламаў прысабечыў грошы, якія вылучаліся беларускім дэлегацыям для правядзення фэсту-конкурсу "Млын моды".
Таксама Варламава вінавацяць, што ён "з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў скраў грашовыя сродкі, вылучаныя БДУ для фінансавання дзейнасці Цэнтра моладзевай моды БДУ".
Следства ацэньвае шкоду ад дзейнасці дызайнера прыкладна ў 700 мільёнаў рублёў.