Савет Еўропы заклапочаны становішчам беларускіх праваабаронцаў
Краіны-сябры Савета Еўропы павінны ўсяляк падтрымаць беларускіх праваабаронцаў, аж да надання ім і іх сем'ям палітычнага прытулку.
З такой заявай выступіў камісар Савета Еўропы Ніл Муйжніекс. У заяве амбудсмена, якую цытуе interfax.by, гаворыцца, што Беларусь не павінна была б нават разглядацца як кандыдат на сяброўства ў Савеце Еўропы, "пакуль не вызваліць усіх праваабаронцаў і ўсіх актывістаў апазіцыі, арыштаваных па палітычных матывах, пакуль не адменіць смяротнае пакаранне і не правядзе шырокіх дэмакратычных рэформаў".
Муйжніекс прапанаваў падумаць пра адзіны цэнтр, куды маглі б звяртацца беларускія актывісты грамадзянскай супольнасці, калі яны зазнаюць пераслед. Такі цэнтр, на яго думку, было б лагічна стварыць у адной з суседніх з Беларуссю краін.
Камісар Савета Еўропы таксама лічыць, што "краіны-сябры Рады Еўропы павінны былі б устрымацца ад супрацоўніцтва з уладамі Беларусі ў тых галінах, якія маглі б паставіць пад пагрозу жыццё і бяспеку беларускіх праваабаронцаў". Нагадаем, што менавіта па звестках, якія падалі Польшча і Літва, за краты трапіў праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Таксама абмудсмен звярнуў увагу, што супрацоўніцтва з Беларуссю па лініі Інтэрпола можа несці рызыку для актывістаў грамадзянскай супольнасці.
Фота — rus.delfi.lv