"Саюз палякаў" адсвяткаваў Казюкі

Сёлета афіцыйна "Саюз палякаў" са свайго офіса перамясціўся ў памяшканне генеральнага консультва. Аднак нават зала дыпламатычнага прадстаўніцтва не здолела змясціць усіх майстроў з іх вырабамі. Як зазначыла выконваючая абавязкі старшыні СПБ Анжаліка Арэхва, з-за браку месца у кірмашы ўдзельнічаюць толькі некалькі дзесяткаў рамеснікаў.


Кожны з ганаровых гасцей кірмаша, польскіх дыпламатаў, асобна павітаў старшыню Рады "Саюза палякаў" Анджэя Пачобута. Генеральны консул Анджэй Хадкевіч парадаваўся, што "нарэшце Пан Анджэй пасля часовай адсутнасці тут з’явіўся! Вельмі прыемна бачыць яго на свабодзе". Сенатар Станіслаў Гогач пажартаваў, "калі бачыў Пана месяц таму, ён быў паўнейшы, а цяпер троху пахудзеў".


Нагадаем, Старшыня Рады "Саюза палякаў" і карэспандэнт "Газеты Выборчай" Анджэй Пачобут 25 лютага адбыў адміністрацыйнае пакаранне за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня ў Мінску.


Вітаючы гасцей Казюкаў, пасол Сойма Ян Дзедзічак ўзгадаў пра прынятую рэзалюцыю па Беларусі ў польскім Сойме. "У гэтым пытанні левіца не спрачалася з правіцай. Не было ніводнага голасу супраць. Мы адчуваем сябе разам з вамі!", - паведаміў пасол.