Сёлетнія выбары ў парламент будуць каштаваць 93 мільярды рублёў
76 мільярдаў пойдзе на правядзенне першага тура, астатняе будзе выдаткавана ў выпадку, калі на пэўных участках спатрэбіцца дадатковае галасаванне.
Нарада Цэнтральнай выбарчай камісіі, на якой будуць вызначаныя акалічнасці сёлетняй парламенцкай кампаніі, прызначаная на 11:00 19 чэрвеня. Падчас яе плануецца зацвердзіць апісанне выбарчых акругаў і два асобныя календары: адзін — для выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, другі — для абрання чальцоў Савета Рэспублікі.
З гледзішча выбарчага заканадаўства сёлетняя кампанія амаль не будзе адрознівацца ад папярэдняй. Бадай што адзіная істотная інавацыя: сёлета кандыдаты ў дэпутаты атрымаюць магчымасць удзельнічаць у дэбатах, якія можна зладзіць як у тэле-, так і ў радыёэфіры.