Сёння 10-ы дзень працэсу Канавалава-Кавалёва
У судзе будуць вывучаць новыя дакументы і апытваць пацярпелых і сведак.
Працэс адновіцца аб 11-ай гадзіне ў "Доме правасуддзя". На ўчарашнім паседжанні дапытвалі сведак абвінавачвання з Віцебска. У прыватнасці, даваў паказанні таксіст, які вёз Дзмітрыя Канавалава да вакзала. Ён апазнаў абвінавачанага. Расказаў і пра цяжкую сумку, якую дапамагаў ставіць у багажнік свайго аўто.
Таксама стала вядома, што апошнія суткі, праведзеныя ў родным горадзе, Канавалаў жыў на здымнай кватэры. Па версіі паркурора, ён спрабаваў пазбегнуць арышту. Нагадаем, што 9 красавіка Дзмітрый Канавалаў здаў адбіткі пальцаў і разумеў, што хутка міліцыя выйдзе на яго след у справе аб выбуху 2008 года. Па адной з версій, менавіта гэта падштурхнула яго здзейсніць выбух у метро Мінска.