Сёння 9-ы дзень працэсу Канавалава-Кавалёва
У судзе будуць вывучаць новыя дакументы і апытваць пацярпелых і сведак.
Учора на паседжанні паказалі здымкі следчага эксперыменту. Падчас яго следства аднаўляла дзеянні Дзмітрыя Канавалава ўвечары 11 красавіка ў метро і на вуліцах горада.
Як перадае БЕЛТА, Канавалаў і група супрацоўнікаў праваахоўных органаў праехалі ў спецыяльна падагнаным пустым цягніку. На станцыі "Купалаўскай" Канавалаў паказаў, як ён ішоў. Пры гэтым у яго ў руках з самага пачатку эксперыменту была сумка, падобная да той, што была 11 красавіка. На відэа абвінавачаны распавядае следчым, як ён нёс сумку да месца выбуху, як выглядаў пульт ад самаробнага выбуховага прыстасавання ды іншыя падрабязнасці.
Таксама ўчора стала вядома, што працэс Канавалава-Кавалёва мяркуюць завяршыць у сярэдзіне лістапада.