На гульню БАТЭ з “Экранасам” прадалі ўсе білеты
Каб выйсці ў плэйоф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў, барысаўчанам патрэбная толькі перамога.
2 жніўня ў Барысаве пройдзе матч у адказ кваліфікацыйнага раўнда Лігі чэмпіенаў.
Пачатак гульні а 19-ай гадзіне на барысаўскім гарадскім стадыёне. Яе можна будзе пабачыць як ўжывую, так і ў эфіры тэлеканала “Лад”. Размаўляючы з журналістамі за дзень да гульні, трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка выказаў жаданне перамагчы і перайсці ў наступны раунд. Трэнер беларусаў не стаў хаваць, што БАТЭ зробіць стаўку на хуткі і атакуючы футбол.
Перамагаць збіраюцца і літоўцы. У прыватнасці, прэзідэнт “Экранаса” Аушрыс Лабінас заявіў, што мэтай яго каманды ўжо даўно з’яўляецца гульня з найлепшымі клубамі Еўропы ў групавым этапе Лігі Чэмпіёнаў. Спадар Лабінас лічыць, што час “Экранаса” прыйшоў.
Каб выйсці ў плэйоф, беларусам патрэбная толькі перамога.
Нагадаем, што першая гульня каманд у Панявежысе скончылася нулявой нічыёй. Што праўда, літоўскія футбалісты амаль не турбавалі галкіпера барысаўчан, а гульня праходзіла галоўным чынам ля варот гаспадароў.
На фота з афіцыйнага сайта БАТЭ перадматчавая трэніроўка каманды.