Сёння дзень народзінаў адзначае за кратамі Васіль Парфянкоў

Нагадаем, 27-гадовы Васіль Парфянкоў быў першым асуджаным па справе аб "масавых беспарадках" 19 снежня 2010 года. У лютым 2011 года яго асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму. У жніўні летась Парфянкоў быў памілаваны ўказам кіраўніка дзяржавы.

У студзені 2012-га ў дачыненні да яго ўстанавілі прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска распачаў супраць былога палітзняволенага новую крымінальную справу — за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду.

Паводле версіі праваахоўных органаў, Парфянкоў парушыў парадак выканання ўмоў прэвентыўнага нагляду, у прыватнасці адсутнічаў па месцы жыхарства без паважнай прычыны, за што двойчы на працягу года атрымліваў адміністрацыйнае спагнанне. Парфянкоў растлумачыў, што выходзіў з дома ў краму на некалькі хвілін, каб купіць прадуктаў.

29 траўня суд Першамайскага раёна Мінска прызнаў Парфянкова вінаватым ў парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прыгаварыў да 6 месяцаў арышту. 24 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле, а ў пачатку жніўня яго адправілі за краты, паведамляе БелаПАН.

Павіншаваць Васіля Парфянкова можна па тэлефоне 166 тэлеграмай на адрас: 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258А.

Фота — svaboda.org