Магілёўская актывістка абскардзіць у судзе "правапарушэнне" сваёй дачкі
Суд адбудзецца а 14:30 ў Ленінскім судзе Магілёва. Разглядаць справу будзе суддзя Сарока.
Наталля Шкадун дамагаецца, каб ў дачыненні да яе непаўнагадовай дачкі Ганны была адменена пастанова камісіі па справах непаўнагадовых аб спыненні адміністрацыйнай справы па сутнасці абвінавачвання, а не з-за сканчэння тэрмінаў даўніны.
Нагадаем, што 16 студзеня Наталля Шкадун разам са сваёй дачкой удзельнічалі ў пікеце салідарнасці з палітвязнямі на вуліцы Ленінскай. Супрацоўнікі міліцыі падчас пікета не папярэджвалі аб яго незаконнасці і не патрабавалі каб ён быў спынены. Пасля яго, камісія па справах непаўнагадовых з-за таго, што быў прапушчаны двухмесячны тэрмін, калі паводле закона можна прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці, не стала разглядаць пратакол.
Інспектар па справах непаўнагадовых Уладзімір Радзевіч, па словах Наталлі Шкадун, падрабіў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. У графе, дзе мусіў стаяць подпіс Ганны, ім быў зроблены запіс – "ад подпіса адмовілася". Акрамя гэтага пратакол меў іншую дату. Гэты пратакол інспектар Радзевіч выслаў на разгляд у камісію па справах непаўнагадовых, а таксама ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова, дзе вучыцца Ганна Шкадун.