Сёння працягнецца суд па справе аб тэракце ў метро

На ўчорашнім паседжанні высветлілася, што Канавалаў на допыце 18 красавіка заяўляў пра катаванні. У той дзень ён адмовіўся ад паказанняў, якія даў раней. Так, напрыклад, ён адмаўляў тое, што меў дачыненне да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе. Следчаму ён заявіў, што прызнаўся ў гэтых злачынствах пад ціскам міліцыянтаў пасля затрымання 12 красавіка. На пытанне следчага, у чым быў ціск, Канавалаў адказаў, што было ўжыванне гвалту, перадае БелаПАН.

Учора таксама стала вядома, што затрыманы бацька адной з пацярпелых у часе тэракту 11 красавіка. Аляксандр Круты на адным з папярэдніх паседжанняў выступаў за тое, каб суд над Канавалавым і Кавалёвым адклалі да адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.