Сёння тры беларускія клубы стартуюць у футбольнай Лізе Еўропы

Першым адбудзецца матч у Віцебску, дзе наваполацкі "Нафтан" прыме белградскую "Црвену Звезду". Пачатак а 18-й гадзіне. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале СТВ.

Падтрымаць “Црвену Звезду” ў Віцебск едзе 100 фанаў маскоўскага “Спартака". Разам з імі віцебская міліцыя чакае ад 500 да 3 тысяч (!) футбольных фанатаў з Сербіі.

"Гомель" сёння гуляе ў гасцях з македонскай "Рэновай". Матч у горадзе Куманава пачнецца ў 18.30 па беларускім часе.

У Салігорску "Шахцёр" прымае аўстрыйскі "Рыд". Гульня пачнецца ў 19.30. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь-2". Адзначым, што ў складзе гасцей гуляе футбаліст з прозвішчам Ібрагімавіч (але не той, які днямі перайшоў з "Мілана" ў ПСЖ).