Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень друку
Беларусь — адзіная краіна постсавецкай прасторы, дзе cвяткуюць яго 5 траўня — у той жа дзень, калі ў савецкія часы адзначалі "День советской печати".
Ён , у сваю чаргу, быў прымеркаваны да выхаду першага нумару бальшавіцкай газеты "Правда", паведамляе прэс-служба БАЖ.
Указ"Аб устанаўленні ў Рэспубліцы Беларусь свята — Дня друку" падпісаў 2 траўня 1996 года Лукашэнка.
Нават у Расіі адпаведнік гэтага свята - Дзень расійскага друку - з 1992 года адзначаецца 13 студзеня і прымеркаваны да дня выхаду ў 1703 годзе па ўказу Пятра I першага нумару газеты "Ведомости".
Між тым, у гісторыі беларускага друку памятных дат хапае. Напрыклад, 6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу. У XIX стагоддзі былі першыя спробы выпускаць перыядычныя выданні на беларускай мове — у 1861–1862 гадах выйшла 4 нумары газеты "Гутарка двух суседаў", у 1862–1863 выдаваліся "Гутарка" і "Мужыцкая праўда" (7 нумароў). У пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся першыя рэгулярныя беларускія газеты — "Наша доля" і "Наша Ніва".