Сёння ў Гродне пачнецца суд над Андрэем Пачобутам
14 чэрвеня Ленінскі суд Гродна пачне разгляд справы карэспандэнта "Газеты Выборчай".
Судовае паседжанне прыпала на дзень народзінаў ягонай старэйшай дачкі Яны, якой сёння спаўняецца 11 гадоў.
Паседжанне суда будзе закрытым. На яго не змогуць трапіць нават сваякі падсуднага. Пра закрытасць працэсу хадайнічала абласная пракуратура. Калегі Пачобута, сябры Саюза палякаў, а таксама знаёмыя журналіста збіраюцца чакаць вынікаў каля будынка суда.
Нагадаем, Пачобута абвінавацілі ў паклёпе і абразе кіраўніка Беларусі. Падставы пракуратура знайшла ў артыкулах у "Газеце Выборчай", у калонцы Пачобута на сайце "Беларускі партызан", а таксама ў адным з допісаў у LiveJournal. Журналісту пагражае да 4 гадоў зняволення.
У абарону арыштаванага журналіста на польска-беларускай мяжы з'явіліся рэкламныя банэры "Лукашэнка, вызвалі Пачобута". Пабачыць іх можна на беларуска-польскіх пераходах у Кузніцы, Баброўніках і Тэрэспалі. Аўтамабілі з такімі ж расцяжкамі плануецца пусціць па варшаўскіх і ўроцлаўскіх вуліцах.