Шэсць краінаў Еўрасаюза засталіся без іранскай нафты
Іран спыніў экспарт нафты ў шэсць краін ЕС.
У іх пералік трапілі праблемныя Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія, а таксама Нідэрланды і Францыя. Рашэнне было прынятае ў адказ на санкцыі супраць Ісламскай Рэспублікі, паведамляе РБК.
Нагадаем, у канцы студзеня 2012 года Еўрасаюз ухваліў новы пакет абмежавальных мер супраць Ірана. Гэтак Еўрасаюз імкнуўся скараціць крыніцы фінансавання ядзернай праграмы краіны. Савет ЕС увёў забарону на імпарт, набыццё і транспартаванне іранскай нафты і нафтапрадуктаў, а таксама на фінансавыя і страхавыя аперацыі, якія адносяцца да іх. Цалкам нафтавае эмбарга супраць Ірана павінна набыць моц 1 ліпеня 2012 года. Да гэтай даты еўрапейскім краінам дазволена купляць іранскую нафту па дзейсных кантрактах.