Шлюбная аферыстка абрабавала ўласнага жаніха
Пенсіянер хацеў ажаніцца, каб з’ехаць у Ізраіль, і патрапіў на махлярку.
Ён пазнаёміўся з 57-гадовай ураджэнкай Радашковічаў на чыгуначным вакзале. Мужчына даверыў новай знаёмай свае планы: яму патрэбны быў шлюб з габрэйкай, каб эміграваць. Жанчына ахвотна пагадзілася яму дапамагчы. Пацярпелы распавёў будучай жонцы, што мае амаль 15 мільёнаў рублёў і 1 тысячу еўра, якія трэба абмяняць на долары. Нявеста і тут выявіла клопат і паабяцала абмяняць грошы па выгадным курсе, а сама з гэтымі грашыма знікла.
Гора-жаніх звярнуўся ў міліцыю. На пошукі зламысніцы спатрэбілася некалькі дзён. За гэты час махлярка, якая не мела пэўнага месца жыхарства і роду заняткаў, паспела аб’ехаць усю краіну і патраціць амаль усе скрадзеныя грошы. У часе следства выявілася, што жанчына ужо болей за 15 разоў прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і махлярства, інфармуе regiony.by