Шушкевіч: Лёс СССР быў наканаваны (відэа)

У талінскім інфармацыйным цэнтры Еўрапейскага саюза прайшла дыскусія, прысвечаная Беларусі. Зладзіла мерапрыемства моладзевая арганізацыя "Адкрытая рэспубліка". 


“Развал СССР — гэта заканамерны гістарычны працэс, — распачаў свой выступ на мерапрыемстве тагачасны кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч.Асоба яго можа толькі паскорыць ці замарудзіць. Лёс СССР быў наканаваны. Усе вялікія імперыі завяршаюць сваё існаванне.”
Станіслаў Шушкевіч ганарыцца, што спрычыніўся да распаду Савецкага Саюза і дамогся прызнання Расіяй незалежнасці Беларусі.


Палітык даў шчырую ацэнку і некаторым установам, і канкрэтным апазіцыйным палітыкам. 
"Зручна выдаваць сябе за апазіцыянераў, а б'юць іншых на плошчы. І прытым Еўропа іх слухае... Я да нядаўняга часу не крытыкаваў такіх людзей, але надакучыла. Зараз кажу ўсю праўду-матку”.


Мясцовая журналістка Хале Цюкмаа кажа, што для эстонцаў існуе як бы дзве Беларусі.

Хале Цюкмаа: “Ёсць як бы дзве Беларусі. Адна — недзе там, далёка. Гэта — былая савецкая рэспубліка, шмат рускамоўных, прэзідэнт — Лукашэнка, ён —дыктатар. Гэтая Беларусь нас мала хвалюе. Іншая ж Беларусь — гэта беларусы, якія сюды прыязджаюць, якія тут жывуць”.


Адзін з іх — Дзяніс Прыстромскі, этнічны беларус і ў той самы час карэнны жыхар Таліна.
Дзяніс Прыстромскі: “Я ўпэўнены, што кожнаму, хто хоць трохі адчувае сябе беларусам, вельмі важна дзейнічаць у падобных дыскусіях, займацца самаразвіццём, больш даведвацца пра сваю культуру, сваіх продкаў”.


Пасля развалу СССР Беларусь і Эстонія пайшлі рознымі гістарычнымі дарогамі. Праз 20 гадоў Эстонію ведаюць як адну з самых перадавых краін ў сферы інтэрнэт-тэхналогій, а Беларусь — як апошнюю дыктатуру Еўропы.