Скуплялі цукар, а больш падаражала гарбата

Паводле справаздачы Белстата, за 5 месяцаў лідарамі продажу ў крамах сталі цукар, мясныя кансервы і макароны. Менавіта гэтыя прадукты скуплялі беларусы, чакаючы падаражэння.

Цукру скупілі на 71 працэнт больш, чым звычайна. Але кілаграмовы пачак падаражэў толькі на 1400 рублёў і цяпер каштуе 5000 рублёў. 10 кілаграм цукру эканомяць усяго толькі 14 тысяч.

Халадзільнікаў і пральных машын за 5 месяцаў беларусы набылі ў два разы болей. У ГУМе халадзільнік “Атлант” 1843-62 каштуе 3 688 990 рублёў. А на сайце ГУМа, дзе кошты апошні раз абнаўляліся да пачатку праблем з валютай, такі ж халадзільнік каштуе 1 958 220 рублёў. На 350 долараў менш паводле сённяшняга курсу! З аднаго такога халадзільніка можна было зэканоміць столькі ж, як з 1236 пачкаў цукру.

Цікава, што ў фірменнай краме “Атлант” заблыталіся, колькі было змен коштаў за гэтыя месяцы:

“У траўні халадзільнікі за адзін тыдзень даражэлі 3 разы, а з пачатку чэрвеня кошт 4 разы павышаўся ці паніжаўся”.

Пральная машына “Атлант СМА35 М101” раней каштавала 949 400 рублёў. Цяпер такая абыдзецца ў 1 363 500 рублёў — на 83 долара болей. Той, хто паспеў набыць пральную машыну, выйграў, як ад набыцця 296 пачкаў цукру.

Кошты на гарбату і каву ўвогуле павысіліся ў некалькі разоў. 100-грамовы пачак гарбаты JAF tea у "Радзівілаўскім" у гандлёвым цэнтры “Сталіца” цяпер каштуе 20 750 рублёў. Тры месяцы таму гэтую гарбату прадавалі па 7500 рублёў. З аднаго пачка гарбаты можна было зэканоміць амаль столькі ж, як з дзесяці пачкаў цукру — 13250 рублёў.

Істотна даражэюць арэхі. У фірме, што імпартуе арэхі ў Беларусь, Еўрарадыё распавялі, што адпускны кошт на міндаль зараз 51000 рублёў, на фундук — 67000 рублёў. Некалькі месяцаў таму і міндаль, і фундук прадавалі па 30000 рублёў.

Неспадзявана падскочылі кошты на проса. Калі 2 месяцы таму кіло можна было набыць за 3-4 тысячы рублёў, то цяпер прыйдзецца заплаціць 10-12 тысяч рублёў. Зэканоміць на адным пачку проса можна было, як на 5-6 пачках цукру. Не тое беларусы набывалі.