Смеццеперапрацоўчы завод у Мінску пабудуюць чэхі
У бліжэйшыя гады ў ваколіцах Мінска з'явіцца два смеццеперапрацоўчыя і адзін смеццесартавальны завод. Адзін смеццеперапрацоўчы завод пабудуюць чэхі.
Па словах старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, прадпрыемства з'явіцца ў 2013 годзе і будзе перапрацоўваць 50 тысяч тон смецця ў год. Тэхналогіі, якія будуць выкарыстоўвацца на заводзе, дазволяць ператвараць смецце ў электраэнэргію, будаўнічыя матэрыялы і цяпло.
Ладуцька: "Падпісалі дамову з чэшскай кампаніяй на будаўніцтва невялікага заводу. Таксама зробім самі смеццесартавальны завод. Акрамя таго, у нас адкрыты тэндар на будаўніцтва заводу па перапрацоўцы 200 тон смецця".
Дарэчы, выпрацоўка смецця ў Мінску з кожным годам павялічваецца. У 2012 годзе штогадовы аб'ём адкідаў дасягне 1 млн тон.