Смерць віленскага беларуса Вайніцкага — ад спынення сэрца
Чаму сэрца спынілася, эксперты змогуць адказаць толькі праз пяць-шэсць месяцаў.
Віленская акруговая пракуратура ўсталявала першасны дыягназ, ад якога наступіла смерць кіраўніка Аб'яднання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Рамана Вайніцкага.
Нагадаем, што актывіста беларускай меншасці знайшлі мёртвым 6 сакавіка ў падвале яго дома. Мужчына быў звязаны, у яго быў заклеены рот. Паводле папярэдніх звестак, на целе знайшлі сляды катаванняў.
У Віленскай акруговай пракуратуры ўжо аптыалі большасць сведак, якія праходзяць па справе, паведамляе БелаПАН са спасылкай на balsas.lt. Пры гэтым ніводзін са сведкаў не быў відавочцам непасрэдных пагроз Вайніцкаму, але чуў пра падобныя выпадкі.
Пракуратура акрэсліла круг падазроных, але падставаў для арышту ці затрымання каго-небудзь з іх пакуль няма. Следчыя таксама кажуць, што сінякі і раны на целе Вайніцкага маглі з'явійцца ад таго, што чалавек ляжаў на зямлі. Чаму злачынцы яго звязалі, пакуль не высветлена.
Фота — DELFI