СМІ адправілі стваральніка сацсеткі "Вконтакте" ў эміграцыю
Пра тое, што Павел Дураў пакінуў Расію, паведаміў Леанід Парфёнаў у эфіры тэлеканала "Дождж".
Паведамлялася, што Дураў не намераны вяртацца ў Расію. Нібыта, ён з камандай паплечнікаў у амерыканскім горадзе Буфала працуе над новым праектам — стварэннем сацсеткі для смартфонаў пад назвай Telegra.ph.
Аднак пазней гэтая інфармацыя была абвергнутая, адзначае РБК. Прэс-сакратар сацсеткі "Вконтакте" Георгій Лабушкін паведаміў: "Павел Дураў не збіраўся і не збіраецца эміграваць з Расіі. Ён і каманда працуюць і працягнуць працаваць над праектам Вконтакте".
Нагадаем, Дурава выклікалі ў Следчы камітэт па справе пра наезд на супрацоўніка ДПС. Аўтамабіль Mercedes, які рухаўся па Цэнтральным раёне Санкт-Пецярбурга, збіў інспектара ДПС і пракаціў яго на капоце. Пасля гэтага кіроўца паказаў непрыстойны жэст і ўцёк.
Ёсць меркаванне, што аўтамабілем кіраваў Дураў. У прэс-службе кампаніі "Вконтакте" абвяргаюць інфармацыю і заяўляюць, што Дураў не карыстаецца аўтамабілем.
Фота — forbes.ru