Старшыня Нацбанку: Заробкі могуць падвысіць

Такую заяву яна зрабіла ўвечары 17 верасня ў эфіры тэлеканала “РТР-Беларусь”. Размова пра рост заробкаў зайшла акурат у сувязі з пытаннямі пра крэдытную праграму Міжнароднага валютнага фонду. Кіраўніца Нацбанку ў прыватнасці сказала, што калі давядзецца сур’ёзна змяніць афіцыйны курс беларускага рубля, то давядзецца падвышаць заробкі з улікам інфляцыі.

Перамовы з МВФ адносна крэдыту пачнуцца ў канцы кастрычніка. Меркаваная сума пазыкі — 5-8 мільярдаў долараў, але магчыма, што “нам такія грошы не спатрэбяцца”, цытуе Надзею Ермакову БелаПАН.
 
А вось тэрмін выхаду на адзіны курс пакуль дакладна не вызначаны — гэта можа быць і два тыдні, і два месяцы, сказала старшыня галоўнай фінансавай установы краіны.