Старшыня ПАСЕ сумняецца ў віне Канавалава і Кавалёва
Пра гэта Жан-Клод Міньён заявіў 30 студзеня. Ён накіраваў беларускім уладам афіцыйны ліст з просьбай захаваць ім жыццё.
Па словах Міньёна, якія перадае ІТАР-ТАСС, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы выступае супраць смяротнага пакарання пры любых акалічнасцях. У выпадку ж з Канавалавым і Кавалёвым, кажа еўрапалітык, ёсць сур'ёзныя сумневы ў вінаватасці гэтых двух маладых людзей. Нагадаем, што Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва абвінавацілі ў арганізацыі тэракту ў мінскім метро і прысудзілі да смерці.
На думку Міньёна, ёсць прыкметы таго, што прызнанні Канавалава і Кавалёва былі атрыманы пад катаваннямі. Таксама ён кажа, што ў справе адсутнічаюць сур'ёзныя доказы віны асуджаных.