Статкевіч напісаў шчымлівы ліст Барадуліну

Мікалай Статкевіч (злева) 19 снежня 2010 года на прыступках Дома ўрада


Асуджаны кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч даслаў з магілёўскай калоніі ліст народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.

24 лютага Статкевічу прысудзілі прэмію імя Юрыя Захаранкі за 2011 год “З узнятым забралам”. За зняволенага мужа прэмію атрымала ягоная жонка Марына Адамовіч. На ўручэнні прэміі Уладзімір Някляеў зачытаў прысвячэнне ад Рыгора Барадуліна.

Міколу Статкевічу
Мужнасць гартавалася заўсёды
Ў небадарным полымі святла.
Не здаюцца рыцары свабоды,
Каб нязломнай Беларусь была!

 

Жонка палітыка зрабіла для яго ксеракопію дыплома і гэтага прысвячэння – і даслала за краты. Статкевіч адгукнуўся лістом да народнага паэта.  

 

“Вялікі дзякуй за Вашае прысвячэнне! У двух радках Вы сфармулявалі коратка і дасціпна той матыў, якім я зараз кіруюся. Я сам не здолеў бы так ясна і лаканічна адказаць пра прычыну, чаму я не магу “папрасіцца”, усім тым добразычліўцам, якія раяць мне супрацьлеглае. Бо сапраўды, прычына ж тая не толькі ў дэвізе маіх шляхетных продкаў “Усрэмся, але не паддадэмся!”. Чаму так адбываецца? Чаму сапраўдныя паэты так лёгка пранікаюць у сутнасць рэчаў і з’яў, над якімі дыскутуюць “адмыслоўцы”? Я веру, што яны задаюць свае пытанні космасу – і чуюць у сваёй душы адказы Бога”.

 

 

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў увечары пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. За кратамі ён пабраўся шлюбам з Марынай Адамовіч.