"Статут ВКЛ" пакажуць магілёўцам ужо праз тыдзень
Пра гэта Еўрарадыё распавёў дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Па яго словах, адмысловая вітрына для рарытэтнага выдання ўжо зробленая ў Маскве і ў сераду прыбудзе ў Магілёў:
Аляксей Бацюкоў: "Для таго, каб купіць вітрыну, хапіла грошай, якія засталіся ад пакупкі Статута. І таксама нам дапамаглі беларусы Масквы: асабісты дзякуй Сяргею Кандыбовічу... Мы дамовіліся з транспартнай кампаніяй, што яна прывязе нам вітрыну. І ўжо ў наступную сераду мы будзем мець вітрыну тут. Адпаведна, у чацвер або, максімум, у пятніцу мы выставім Статут у экспазіцыі".
Нагадаем, што грошы на вяртанне ў Беларусь рэдкага выдання збіралі талакой па ўсёй краіне.
Пасля "Статута ВКЛ" магілёўскі музей ініцыяваў збор грошай на куплю трактата Казіміра Семяновіча "Вялікае мастацтва артылерыі". Бацюкоў кажа, што збор грошай ідзе марудна: пакуль сабралі 3300 еўра з патрэбных 15 000. Каб крыху заахвоціць грамадства, музейныя работнікі правялі нядаўна дабрачынны суботнік. Акрамя таго, мяркуецца зладзіць дабрачынны канцэрт, грошы ад якога пойдуць на выкуп рэдкай кнігі.