Студэнты маскоўскага ўніверсітэта будуюць барыкады
У Маскве страйкуюць студэнты Расійскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта.
Яны пратэстуюць супраць звальнення рэктара Сяргея Бабурына і рэарганізацыі ВНУ. Паводле інфармацыі ВВС, студэнты забарыкадавалі ўваходы ў будынак, бо чакаюць штурму АМАПу. Актывісты апублікавалі ў сацыяльных сетках фатаграфіі, на якіх відаць, што ўваходы ў будынак забарыкадаваныя навучальнымі партамі ды іншай мэбляй.
Акцыя пратэсту ва ўніверсітэце ідзе з 18 снежня, калі стала вядома, што прызнаная "неэфектыўнай" ВНУ пройдзе рэарганізацыю. Мінадукацыі Расіі абвясціла пра аб'яднанне гэтай ВНУ з Расійскім эканамічным універсітэтам імя Пляханава.
Дарэчы, у лістападзе міжведамасная камісія мінадукацыі прызнала неэфектыўнымі 30 ВНУ і 262 філіялы.
Фота — ИТАР-ТАСС