Суд над журналістам Андрэем Пачобутам працягнецца 23 чэрвеня

Андрэй Пачобут перадаваў усім калегам і сябрам прывітанне. Пра гэта паведаміў адвакат Уладзімір Кісялевіч.

10.35. Суд адновіцца 23 чэрвеня а 10-й гадзіне.

Як стала вядома, эксперты пашырылі сваё заключэнне па публікацыях Пачобута. Калі раней абвінавачанне было на 2-х старонках, дык цяпер — на 5-ці. Яны больш пашырана патлумачылі, што ў артыкулах абразіла Лукашэнку.

Андрэй Пачобут заявіў хадайніцтва, каб яму далі 5 дзён азнаёміцца з пашыраным абвінавачваннем. Суддзя хадайніцтва задаволіў.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Анжалікі Арэхвы (на здымку з дачкой Каралінай), якая знаходзілася каля будынка Ленінскага суда.

10.15. "Адвакат кажа, што працэс сёння можа быць хуткі, скончыцца праз гадзіну-дзве", — сказала ў жывым эфіры Еўрарадыё жонка Андрэя Аксана Пачобут.

Па словах Аксаны, напярэдадні яна спрабавала пагаварыць з суддзём, каб той даў дазвол на спатканне з мужам. Але суддзя такога дазволу не даў. Аксана Пачобут дачакалася яго з'яўлення ў калідоры суда. "Калі вы за спатканнем, то спатканне не атрымаецца", — сказаў той адразу. "Калі плануеце скончыць працэс?", — пацікавілася яна. Суддзя сказаў: "Усе пытанні вырашайце праз адваката". І зачыніў дзверы.

Аксана Пачобут кажа, што пазаўчора перадала Андрэю лекі, бо ён хворы. Як яна даведалася, "настрой у яго баявы".
"Жорсткага прысуду ён не баіцца, таму ў яго з настроем усё ў парадку", — гаворыць Аксана.

10.10. Супрацоўнікі Гродзенскай дзяржаўнай тэлевізіі здымаюць людзей, якія прыйшлі да будынка суда. Там жа знаходзіцца невядомы ў цывільным, які здымае твары людзей на відэакамеру.

10.05. Каля Ленінскага суда Гродна сабраліся каля 30 чалавек: сваякі Андрэя Пачобута, сябры, журналісты.


Міліцыянты спраўджваюць дакументы ў тых, хто прысутнічае на пляцоўцы перад судом з фота- відэакамерамі, цікавяцца, ці маюць яны дазвол на здымкі.


Сёння да суда здолела прыйсці са сваёй дачушкай кіраўніца непрызнага ўладамі Беларусі Саюза палякаў Анжаліка Арэхва. Нагадаем, 14-га яна апынулася пад "хатнім арыштам" і да суда не дабралася. Яе муж, журналіст Ігар Банцар, быў затрыманы 14-га і на наступны дзень асуджаны на 5 сутак арышту.

***

У Ленінскім судзе Гродна сёння адновіцца суд над журналістам "Газеты выборчай" Андрэем Пачобутам. Паседжанне суда, як і папярэдняе (яно адбылося 14-га чэрвеня), будзе закрытым, на яго не змогуць трапіць нават сваякі падсуднага. Пра закрытасць працэсу хадайнічала абласная пракуратура.

Перанос працэсу на сёння суддзя аргументаваў тым, што яму трэба "ўдакладніць абвінавачанне".

Нагадаем, Пачобута вінавацяць ў паклёпе і абразе кіраўніка Беларусі. Падставы пракуратура знайшла ў артыкулах у "Газеце Выборчай", у калонцы Пачобута на сайце "Беларускі партызан", а таксама ў адным з допісаў у LiveJournal. Журналісту пагражае да 4 гадоў зняволення.

Глядзі на гэтую тэму:

Суд над Андрэем Пачобутам. Дзень першы (онлайн+фотарэпартаж)

Аксана Пачобут: Суд над Андрэем — гульня ў адну брамку