Суд над брэстаўчанінам Іванам Стасюком перанесены на 20 чэрвеня
Прычынай стала адсутнасць сведкаў.
Справу разглядаў суд Маскоўскага раёна Брэста. Хлопца вінавацілі ў дробным хуліганстве — нібыта ён нецэнзурна лаяўся на супрацоўнікаў спецназу, якія затрымлівалі яго ўчора ўвечары. Яны ж і з'яўляюцца асноўнымі сведкамі.
Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, да сведкаў-спецназаўцаў суд проста не датэлефанаваўся. Магчыма, яны высыпаюцца пасля начной змены.
Зараз Івана Стасюка зноў адвезлі ў Маскоўскі РАУС. З ім збіраюцца правесці гутаркуу наконт канфіскаваных пры ператрусе ўлётак. Кісляк не выключае, што праваахоўнікі хочуць нейтралізаваць актывіста на час акцыі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі", якая плануе адбыцца ў Брэсце на плошчы Леніна.
Нагадаем, увечары 14 чэрвеня некалькі чалавек у камуфляжы прымусова пасадзілі Івана Стасюка ў аўтамабіль УАЗ і адвезлі ў пастарунак. Напярэдадні 13 чэрвеня на кватэры актывіста адбыўся ператрус.