Суд пагражае царкве "Новае жыццё" арыштаваць маёмасць
Гаспадарчы суд Мінска прапанаваў царкве ўнесці ў прыбытак дзяржавы амаль 250 мільёнаў рублёў.
Пра гэта паведаміў БелаПАН юрыст абшчыны Сяргей Луканін.
Па яго словах, суд прапанаваў царкве на працягу сямі дзён, пачынаючы 28-м лютага, добраахвотна выплаціць згаданую суму. "У адваротным выпадку судовыя выканаўцы маюць права арыштаваць маёмасць царквы для наступнага яго продажу і пагашэння сумы", — сказаў Луканін.
Ён падкрэсліў, што грамада не збіраецца выплачваць гэтыя грошы, паколькі лічыць усе рашэнні судоў, вынесеныя супраць царквы, заказнымі з боку ўладаў, а таму незаконнымі.
Нагадаем, справа распачатая па пазове сталічнага прыродаахоўнага ведамства. Яго супрацоўнікі выявілі сляды нафтапрадуктаў у спробах, узятых на праезнай частцы дарогі ля будынка царквы. Ахоўнікі прыроды інтэрпрэтавалі гэта як забруджванне навакольнага асяроддзя. Як сцвярджаюць прадстаўнікі царквы, пры адборы спроб грунта не прысутнічалі панятыя і чальцы грамады. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасці, а затым на ёй размяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адкідаў.