Сярэдзіч напісаў Лукашэнку і Якубовічу

Іосіф Сярэдзіч звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і Паўла Якубовіча ў сувязі з пагрозай закрыцця дзвюх недзяржаўных газет. Ён заклікаў кіраўніка дзяржавы "спыніць дзеянні Міністэрства інфармацыі, якія скіраваныя на эскалацыю канфліктнай сітуацыі ў грамадстве". А рэдактара "СБ" Паўла Якубовіча, які з'яўляецца старшынёй Грамадскага каардынайцынага савета ў сферы масавай інфармацыі, — тэрмінова склікаць гэтую структуру дзеля абмеркавання сітуацыі з магчымым закрыццём "Нашай нівы" і "Народнай волі".

"Закрыццё вядучай недзяржаўнай газеты "Народная воля" ў сённяшняй напружанай сітуацыі з'яўляецца спробай тушыць пажар бензінам. У імя інтарэсаў Беларусі рэдакцыя гатовая да канструктыўных перамоваў з прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта РБ і Міністэрства інфармацыі дзеля ўрэгулявання спрэчных пытанняў", — адзначаецца ў пасланні Сярэдзіча, адрасаваным кіраўніку дзяржавы, перадае ale.by.